Алесь Бычкоўскі

Алесь Бычкоўскі

Алесь Бычкоўскі. Быў журналістам, загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі ў раённай газеце, качагарам, адміністратарам кампутарнага клуба, фотамастаком, аператарам вёрсткі, мыйшчыкам аўтамабіляў, рабочым піларамы і шмат яшчэ кім, але знайшоў жыццёвае прызванне ў прафесіі вартаўніка.
Сачыняў апавяданні яшчэ са школы. Выключна навуковую фантастыку, бо захапляўся космасам. За савецкім часам, аднойчы нават перамог у рэспубліканскім конкурсе на лепшы касмічны праект.
Аўтар кніг «Горад за 101-м кіламетрам» (2004), «Анамалія» (2012), «У пошуку шчасця» (2017), «Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры» (2018), «Ахвяры натхнення» (2019).

Каменнае сэрца

Здавён часу чалавецтва мае патрэбу ў навінах. Часам паесці не дай, абы толькі паслухаць, што наўкола дзеецца. Хаця тут я мо трошкі перабольшваю значнасць маёй прафесіі, бо, як ні круці, спачатку на першым месцы заўсёды хлеб, а затым ужо відовішчы і забавы, у шэрагу якіх і паглынанне навін. Таму мой род заняткаў не страціў актуальнасці нават і тады, калі прыгожым днём аднойчы настаў вялікі трындзец усяму наўкола. Ну, ці амаль усяму. І хоць збольшага былыя каштоўнасці, якімі так ганарылася наша цывілізацыя, страцілі вабнасць і саступілі месца новым, бо з’явіліся новыя людзі, але ж патрэба ў хлебе і навінах засталася, як і тысячы гадоў таму.

Так, рэпарцёрства засталося ў пашане і пасля падзення з нябёсаў Філасофскага Каменя, калі перакуліўся звычны свет. І прызнаюся, сябры мае, здабываць інфармацыю – гэта амаль як шчыраваць на шахце, ну ці мо трошкі складаней. Дык жа праўда, што з вамі зробіцца ў шахце? Самае благое – трапіце пад завал і сканаеце. А вось працуючы топавым рэпарцёрам канала “Зоркі мегаполіса”, трэба з’есці не адзін мех жалезнага бобу. Выпадае часам жыўцом лезці ў самае пекла.

Свет перастаў быць звыклым, калі на нашы галовы абрынулася зверху вялікая камянюка. Мы рады не далі, бо неспадзявана ў адзін дзень спраўдзілася ўсё тое, што паказвалі ў кіно пра канец свету. Затрусіла горы, закіпела вада ў акіянах, і калі праз немалы час усё аціхла, раптам высветлілася адсутнасць добрай паловы людскога насельніцтва і, мякка кажучы, трошкі змяніўся рэльеф Зямлі-матухны. Звездары даўно прадбачылі падзенне аграмаднай глыбы з космасу, але ж, як гэта заўсёды бывае, візіт госця абярнуўся поўнай нечаканасцю. Калі чалавецтва ачомалася канчаткова, ад людзей засталася хіба траціна, а ў дзяржавах і межах знікла патрэба. Уладу ўзялі ваенныя. Многія з тых, хто выжыў, перасяліліся ў мегаполісы, абнесеныя высокімі сценамі і калючым дротам па перыметры. Кожны мегаполіс зверху ад небяспечнага дажджу і непагадзі абараняўся празрыстым купалам-накрыўкай. І як паўсюдна трубіла на ўвесь свет афіцыйная прапаганда, за сценамі была адно выпаленая планетнай катастрофай пустэча, у якой ніхто не жыў. Соваць нос па-за сцены, за перыметр без дай прычыны ўлады строга забаранілі, каб не занесці пад празрысты купал якой невядомай трасцы. Ваенныя пільна сачылі і ведалі сваю справу. Аднак жа многія былі ў курсе пра віруючае жыццё ў пустэчах, якое вельмі адрозніваецца ад нашага мегаполіснага існавання. Праўдамі-няпраўдамі смелыя адважныя людзі зазіралі за сцяну і ўпотай вярталіся назад па сваіх каналах. Ваенныя ж гэтаксама людзі, і часам былі не супраць адхапіць добры хабар за дапамогу пераправіць чалавека на той бок перыметра ці адтуль кантрабанду прапусціць. Там, за сцяной, існавала і адшуквалася шмат каштоўнага. Метэарыт, атрымаўшы найменне Філасофскі Камень, даў шмат карыснага і небяспечнага. У пошуку сенсацый і дзеля цікаўнасці я апынуўся за тым бокам сцяны, дзе не было празрыстага купала над галавой, дзе за кожным кутком чакала небяспека. Мне свярбела назапасіць больш інфармацыі і напісаць кнігу пра жыццё ў пустэчах. Небяспечны занятак, за які могуць пазбавіць грамадзянства мегаполіса.

Каб чытаць далей, падтрымай праект на Вуллі

Хочаш дапамагчы часопicу?

  • Напiшы тэкст

    Наш фармат, прабачце – "Фармат!", абсалютна нефарматны, мы адкрытыя для ўсяго на сьвеце, для свабоды творчасьці і волі думкі, мастацкай непаўторнасьці ды яркасьці, для нас кожны тэкст – гэта спачатку акт мастацтва, а ўжо потым – фармальнасьці кшталту правапісу ды іншага, бо ўзровень мастацкасьці не існуе ў прыродзе. Немагчыма знайсьці правілы, формулу альбо пралічыць штосьці, што стварае чалавек, бо заўжды кожны тэкст, карціна, перформанс, будзе вынікам сумы "ПІ" у квадраце, са сваім доўгім хвастом пагрэшнасьці... Бо ідэалу не існуе, а толькі межы, якія ствараюць самі людзі, асабліва тыя, хто сьвята верыць у сваю праўду мастацтва, якая можа быць усяго толькі прывідам, які падпарадкоўваў тых самых бязмозглых выконваць загад, працу: "Я рабіў сваю работу, свой арбайтэн"

  • Стань фундатарам

  • Распавядзi пра нас

Андрэй Пакроўскі