Антось Уласенка

Антось Уласенка

Антось Уласенка. Празаік, перакладнік, публіцыст. Ад 2006 году публікуецца ў пэрыядычных выданьнях і інтэрнэт-часопісах: «Літаратурная Беларусь», «Дзеяслоў», «Беларусский журнал», «Паміж», «ПрайдзіСвет» ды інш. Пераможца конкурсаў на стыпэндыю імя Міхася Стральцова (2011), «Экслібрыс» імя Антона Луцкевіча (2016), «Скарынавай душой узлашчанае слова» (2017). Фіналіст конкурсаў «Экслібрыс» (2012), «Інтэлектуальная спадчына Беларусі: постаці, ідэі, кантэксты» (2016). Выпускнік Школы маладога пісьменьніка.

Адбiць у чужынцаў кляйнотаў сваix

Няма сканчэньня для шляхоў, заўжды ідуць далей да земляў дальніх, гарадоў, да цудаў і людзей», – бесклапотна напяваў Більба Торбінс, пазіраючы на зорнае неба высока па-над галавою. Ён раскурыў люльку і пускаў кольцы дыму ў бок Месяца, які ўсё большаў і вось ужо заліў сваім блядым зьзяньнем увесь аглядны экран.

«Міртал» хутка набліжаўся да спадарожніка. Па мяккім прызямленьні і злучэньні з шлюзам досьледнае базы на экране запалалі зялёныя вагеньчыкі: дэкампрэсія скончаная, пасы паадшпільваныя, можна выходзіць.

«Вось дык во, карова здурнела, на Поўню ўзьляцела», – здаволены Більба прайшоў праз шлюз у велічэзную панарамную залю. Напаўсфэрычная сьцяна перад ім разышлася, адкрыўшы краявід зьмярцьвелай маладзіковай роўнядзі. У чорным небе лунала з тузін чоўнікаў пагрозьлівага выгляду. Яны нагадвалі пляскатыя шасьцікутныя прызмы, пакрытыя іржою, і зусім яму не падабаліся. Раптам чоўнікі пашыхтаваліся клінам і замёрлі.

У ягонай галаве грымнуў прарэзьлівы голас:

«Сьмяротны?! Ды йшчэ нейкі карузьлік? Дзеля гэтага мы сюды цягнуліся?»

Більба зьлякаўся ня ў жарт.

«Тут, відаць, нейкая абмыла выпнулася. Перапрашаю шаноўнае панства. Вы, мусібыць, чакалі на каго іншага. Але ж мяне сюды выклікаў Ґэндальф, чараўнік. Вашэцяў я, перапрашаю, на’т ня знаю».

«Не, карузьліку, мы не мыляемся. На табе квантавая адзнака Алорына. Ён абяцаў быў адзначыць здольнага сабатажніка, які прыдасца нам у выправе і дапаможа пратачыцца ў Самотную гару. Але сьмяротны – гэта занадта! Мяркую, адбыўся папросту збой фрэйму. Зара’ й праверым».

Тут віртуалайзар перад Більба ажыў: ён паказваў лунаючы ў пустэчы астэроід, наўкруг якога кружляла жудасная пачварына. Яна зьнячэўку зьнерухомела, паглядзела яму проста ў вочы і вышчарылася пякельнаю пашчай. У спадара Торбінса аж душа зайшлася.

«То вы хочаце, каб я… я!.. падолеў смока? Аёечкі! Тут ці плач, ці галасі, але рады не дасі. Збой фрэйму, як ёсьць. Мне такія прыгоды без патрэбы, дзякуй вялікі. Я, пэўна, ужо пайду. Прыемна было з вамі пабачыцца, добрага дня».

У ягонай галаве прагучэў другі, ня так дзяркаты голас:

«Няма ніякае абмылы ані збою. Спадарства, знаёмцеся зь Більба Торбінсам, вашым сабатажнікам. Більба, дазволь прадставіць табе гномаў Блакітных гор на чале з Торынам. Зараз я ўсё вам патлумачу».

«Алорын», – узрадаваліся гномы.

«Ґэндальф», – разгублена прамармытаў Більба.

Каб чытаць далей, падтрымай праект на Вуллі

Хочаш дапамагчы часопicу?

  • Напiшы тэкст

    Наш фармат, прабачце — «Фармат!», абсалютна нефарматны, мы адкрытыя для ўсяго на сьвеце, для свабоды творчасьці і волі думкі, мастацкай непаўторнасьці ды яркасьці, для нас кожны тэкст — гэта спачатку акт мастацтва, а ўжо потым — фармальнасьці кшталту правапісу ды іншага, бо ўзровень мастацкасьці не існуе ў прыродзе. Немагчыма знайсьці правілы, формулу альбо пралічыць штосьці, што стварае чалавек, бо заўжды кожны тэкст, карціна, перформанс, будзе вынікам сумы «ПІ» у квадраце, са сваім доўгім хвастом пагрэшнасьці... Бо ідэалу не існуе, а толькі межы, якія ствараюць самі людзі, асабліва тыя, хто сьвята верыць у сваю праўду мастацтва, якая можа быць усяго толькі прывідам, які падпарадкоўваў тых самых бязмозглых выконваць загад, працу: «Я рабіў сваю работу, свой арбайтэн»

  • Стань фундатарам

  • Распавядзi пра нас

Андрэй Пакроўскі