Алена Брава

Алена Брава

Алена Брава – пісьменніца. Нарадзілася і жыве ў Барысаве. У 1989 з’ехала з мужам-кубінцам на ягоную радзіму. Уражанні ад жыцця на Кубе Фідэля Кастра ляглі ў аснову першай кнігі прозы — «Каменданцкі час для ластавак» (2004), уганараванай прэміяй «Гліняны Вялес». Аўтарка апавяданняў, аповесцяў, раманаў. Творы друкаваліся ў часопісах Беларусі, Расіі, Даніі ды выходзілі ў многіх анталёгіях. Аўтарка кніг прозы «Рай даўно перанаселены» (2012), «Дараванне/ Прощение/ Vergebung» (2013 — з перакладам на рускую і нямецкую мовы). Лаўрэатка літаратурнай прэміі «Silver Bullet» выдавецтва «Franc-Tireur USA» (ЗША) за кнігі «Каханне ў ценю казарм Манкада», «Спектакль у чорным тэатры», «Менада і яе сатыры».

Любоў і кроў

Паміж чацвёртым і пятым паверхамі (ліфт не працуе), паслізнуўшыся на памыях, якія выявіліся лужынкай сабачых экскрэментаў, я балюча выцялася лбом аб парэнчы.

– Ты ложку прылож і дзяржы, штоп шышкі не асталась, – па-сяброўску раіць суседка. З яе прыадчыненай кватэры тое самае гучным брэхам раіць сабачка, які, пэўна, і вінаваты ў здарэнні.

Уваходжу ў кватэру пад тэлефонныя трэлі (доктар?), бяру слухаўку – і ўплываю ў глеістую затоку, дзе тапельніца Алёнка ляжыць на дне з каменем традыцыйных каштоўнасцяў на грудзях, заклікаючы сясцёр падзяліць яе шчаслівую долю. Замест гуллівых лекарскіх сентэнцый у слухаўцы гукі, якія звычайна ўтварае статак нядоеных парнакапытных: гэта азначае, што палкоўнік Кувырчык адбыў на палігоны («сэксадромы»), а ў ягонай жоначкі фаза румзанняў, якую хутка зменіць фаза эйфарыі. Дровы цяпер у маёй уласнай кватэры!

Памяркоўная, жаноцкая сястрыца Алёнка, якой я калісьці была: сукеначка – начальству, чаравічкі – грамадскім інстытуцыям, грабеньчык – сямейнаму ачагу, фартух – «мудрым» прыяцелькам, а сабе самой дуля з макам, – зараз гэтая сястрыца прыгадвае лексічны мінімум свайго дзядзькі – інакш нахабная Яга не адчэпіцца! Але мне раптам робіцца цікава: колькі можна пратрымацца пасля такой дозы алкаголю. Кладу слухаўку на стол. Часам прыкладаю да вуха: раве, рагоча, віскоча і румзае д’ябальскае радыё – наўпроставая трансляцыя з Лысай гары! На шчасце, свае пяць капеек можна не ўстаўляць: маналог дырэктаркі «Вясны» не патрабуе каментарыяў. Гэтая Супер-Яга пачынае выклікаць у мяне захапленне. Яна здольная перакрычаць цэлы шабас, які вылецеў з архетыповых дымаходаў сярэдневяковай Еўропы!

Ну, што тут будзеш рабіць? Бутэрброд з каўбасой і яшчэ адзін, з сырам. Так, гарбатку не забудзь запарыць. Зялёную. З глогам, ад сэрца. Уладкоўваюся ў фатэлі з кубкам. Шумавы аркестр тут не чуваць, інакш сітуацыя нагадвала б мазгавое згвалтаванне ў асабліва цынічнай форме, прычым у вольны ад працы час.

На фатэлі валяецца раманчык з месца ДТЗ. Папіваючы гарбату, даю нырца ў жыватворную крыніцу ўлюбёнага народнага чытва.

Мінерва Кувырчык пратрымалася паўтары гадзіны. За гэты час я паспела праглынуць алкагольна-наркатычны прадукт, дастаўлены на станцыю хуткай дапамогі фельчаркай Агатай.

Хочаш дапамагчы часопicу?

  • Напiшы тэкст

    Наш фармат, прабачце – "Фармат!", абсалютна нефарматны, мы адкрытыя для ўсяго на сьвеце, для свабоды творчасьці і волі думкі, мастацкай непаўторнасьці ды яркасьці, для нас кожны тэкст – гэта спачатку акт мастацтва, а ўжо потым – фармальнасьці кшталту правапісу ды іншага, бо ўзровень мастацкасьці не існуе ў прыродзе. Немагчыма знайсьці правілы, формулу альбо пралічыць штосьці, што стварае чалавек, бо заўжды кожны тэкст, карціна, перформанс, будзе вынікам сумы "ПІ" у квадраце, са сваім доўгім хвастом пагрэшнасьці... Бо ідэалу не існуе, а толькі межы, якія ствараюць самі людзі, асабліва тыя, хто сьвята верыць у сваю праўду мастацтва, якая можа быць усяго толькі прывідам, які падпарадкоўваў тых самых бязмозглых выконваць загад, працу: "Я рабіў сваю работу, свой арбайтэн"

  • Стань фундатарам

  • Распавядзi пра нас

Андрэй Пакроўскі